Памер шрыфту
A- A+
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Каляровая схема
A A A A
Дадаткова

Раздзелы сайта

Архіў навін

09.01.20

Спецыяльная прэмія ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

  Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь фальклорны ансамбль “Дударыкі” гімназіі №14 г. Мінска адзначаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі за выдатныя дасягненні ў галіне аматарскага мастацтва, паспяховае прадстаўленне Беларусі ў праграмах Міжнароднага фестывалю “Гармонік збірае сяброў”, Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу і іншых праектаў.

  Больш за пяцьдзесят гадоў існуе ў гімназіі фальклорны ансамбль. Увесь гэты час ім кіруе Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Дзмітрыевіч Ровенскі. Але зразумела, што такая высокая ўзнагарода – гэта праца ўсяго калектыву гімназіі. І перш за ўсё, тых вучняў, якім цікава беларуская спадчына, беларускі народны і каляндарна-абрадавы фальклор ў цеснай сувязі з традыцыямі народных інструментаў. Трэба зазначыць, што ўсе артысты з ансамбля вучацца граць, спяваць і танцаваць у сваёй роднай беларускамоўнай гімназіі № 14 г. Мінска. Тут адкрыты класы гармоніка, скрыпкі, цымбалаў, духавых інструментаў, народных спеваў і танцаў. А каб гэта творчая праца была магчымай і прадуктыўнай, гадзіны на навучанне выдзелены ўпраўленнем па адукацыі адміністрацыі Заводскага раёна г. Мінска.

  Фальклорны ансамбль “Дударыкі” — адзін з самых адметных дзіцячых калектываў, які мае багатыя творчыя традыцыі, цікавы і разнастайны рэпертуар, вялікую калекцыю музычных інструментаў. Кожны яго ўдзельнік не толькі выдатна валодае некалькімі музычнымі інструментамі, але добра спявае і танцуе, ствараючы на сцэне яркія канцэртныя нумары. Сёння ў рэпертуары “Дударыкаў” – разнастайныя народныя музычныя творы і песні, танцы, найгрышы на старадаўніх народных інструментах. У гэтым калектыве ўпершыню ў краіне дзяўчаты зайгралі на барабане, бубне, гармоніку, дудцы, жалейцы і нават на дудзе.Дзіцячы гурт ведаюць не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце.

  Менавіта вучні гімназіі пры падтрымцы кіраўніка ансамбля, бацькоў, настаўнікаў, адміністрацыі гімназіі і ўпраўлення па адукацыя адміністрацыі Заводскага раёна г. Мінска ішлі да гэтай высокай ўзнагароды не адзін год.

  Віншуем наш любімы Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь фальклорны ансамбль “Дударыкі” з узнагародай і жадаем творчых поспехаў і плённай працы па папулярызацыі і адраджэнні беларускай спадчыны!